Новости проекта
С праздником вас, с 1 сентября!
Лето на финише, а мы — на старте нового учебного года!
С окончанием учебного года!
Выставление четвертных отметок
Согласование ГИАЦ
Аттестат соответствия системы защиты информации
Архив электронного дневника.
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by

Государственная символика Республики Беларусь

Дата: 24 августа 2013 в 10:52, Обновлено 25 мая 2020 в 16:25

У адпаведнасцi з артыкулам 19 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб i Дзяржаўны гiмн з`яўляюцца сiмваламi яе дзяржаўнага суверэнiтэту.

Асноўныя факты пра Беларусь

Афіцыйная назва

Рэспубліка Беларусь

Прэзідэнт
Аляксандр Лукашэнка (1994)

Тэрыторыя
207,6 тыс. кв.км

Насельніцтва
колькасць – 9 млн. 463,8 тыс. чалавек (на 1 студзеня 2013 г.)
чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні – 72,2 года
доля гарадскога насельніцтва – 76,3%
Сталіца: Мінск – 1 млн. 901,1 тыс. чалавек
Рэгіёны і абласныя цэнтры (на 1 студзеня 2014):
Брэсцкая вобласць – 1 млн. 390,4 тыс. чалавек (Брэст – 326,4 тыс.)
Віцебская вобласць – 1 млн. 208 тыс. чалавек (Віцебск – 369,4 тыс.)
Гомельская вобласць – 1 млн. 427,6 тыс. чалавек (Гомель – 515 тыс.)
Гродзенская вобласць – 1 млн. 58,4 тыс. чалавек (Гродна – 352,5 тыс.)
Магілёўская вобласць – 1 млн. 76,5 тыс. чалавек (Магілёў – 366,8 тыс.)
Мінская вобласць – 1 млн. 401,9 тыс. чалавек

Нацыянальнасці
беларусы – 83,4% , рускія – 8,2%, палякі – 3,1%, украінцы – 1,7%, яўрэі – 0,13%, іншыя нацыянальнасці – 3,5% (перапіс, 2009 год).

Дзяржаўныя мовы

беларуская, руская

Дзяржаўнае свята
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 3 ліпеня

Нацыянальная валюта
беларускі рубель (BYN)

Эканамічныя паказчыкі
ВУП (2012) BYN527385 млрд.; на душу насельніцтва – BYN 55724 тыс.

Таварная структура экспарту (2014):
мінеральныя прадукты – 36,2%
прадукцыя хімічнай прамысловасці, каўчук – 21,7%
машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі – 17,9%
чорныя, каляровыя металы і вырабы з іх – 5,5%
харчовыя тавары і сельскагаспадарчая сыравіна – 10,6%
іншыя – 8,1%

Таварная структура імпарту (2014):
мінеральныя прадукты – 39,4%
машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі – 22,9%
чорныя, каляровыя металы і вырабы з іх – 10,1%
прадукцыя хімічнай прамысловасці, каўчук – 12,4%
харчовыя тавары і сельскагаспадарчая сыравіна – 7,8%
іншыя – 7,4%

Асноўныя гандлёвыя партнёры
Расія
Нідэрланды
Украіна
Германія
Латвія
Кітай
Польшча
Італія
Літва
Бразілія

Асноўныя галіны прамысловасці
металургічная машынабудаванне металаапрацоўка хімічная і нафтахімічная лёгкая харчовая
Плошча сельскагаспадарчых зямель
8927 тыс. га (2014)
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, бульбы, агародніны, цукровых буракоў, ільну, на мяса-малочнай жывёлагадоўлі.

Прыродныя рэсурсы
драўніна, торф, невялікія радовішчы нафты і прыроднага газу, граніт, даламіт, вапняк, гліна, пясок.

Колькасць занятага насельніцтва
4,6 млн. (2012). Беспрацоўе: 24,9 тыс. чал. (афіцыйна зарэгістраванае, 2012).

Размеркаванне колькасці занятага насельніцтва па відах эканамічнай дзейнасці (2014):

прамысловасць – 25,5% сельская гаспадарка, паляванне і лясная гаспадарка – 10,2% будаўніцтва – 7,9% транспарт і сувязь – 7,4% гандаль; рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання – 13,8% адукацыя – 10% ахова здароўя і прадастаўленне сацыяльных паслуг – 7% іншыя – 18,2%

Сувязь
Тэлефон: стацыянарных тэлефонных апаратаў – 4,2 млн., карыстальнікаў мабільнай сувязі – 10,7 млн. чалавек.
Інтэрнэт-карыстальнікі: больш за 6,8 млн. чалавек.
Згодна з даследаваннямі Сусветнага паштовага саюза Беларусь увайшла ў дзясятку краін, дзе паштовыя электронныя паслугі аказваюцца на самым высокім узроўні (2011).

Транспарт
Працягласць чыгуначных пуцей – 5511 км, у т.л. электрыфікаваных – 897 км. Аўтамабільных дарог – 85,7 тыс. км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём – 74,3 тыс. км. Агульная працягласць нафтаправодаў – 2984 км, нафтапрадуктаправодаў – 1107 км, газаправодаў – 7421 км (2008).

Беларусь у мазаіцы еўрапейскіх краін – карты краіны і рэгіёнаў

Дзе размешчана Беларусь?
Беларусь размешчана ў цэнтры Еўропы, мае агульныя межы з пяццю дзяржавамі:

Расія 

Украіна

Польшча

Літва

Латвія
Плошча Беларусі – 207 600 кв. км
Краіна не мае выхаду да мора, але дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу Беларусь з’яўляецца важным гандлёвым і транспартным калідорам паміж Еўропай і краінамі СНД.

Сталіца Беларусі
Мінск – сталіца Рэспублікі Беларусь – размешчаны ў цэнтры краіны.
Першае пісьмовае згадванне пра горад адносіцца да 1067 года.
За сваю гісторыю Мінск быў разбураны і адноўлены дзесяткі разоў. Больш за ўсё горад пацярпеў у час Другой сусветнай вайны, калі быў знішчаны практычна поўнасцю.
Сёння Мінск – сучасны еўрапейскі горад, самы буйны ў краіне. Тут пражываюць 1,9 мільёна чалавек.
Горад мае вельмі добрыя транспартныя шляхі зносін, у тым ліку аэрапорт, буйны чыгуначны вакзал, некалькі аўтавакзалаў. У Мінску дзейнічае падземнае метро, добра развіта гарадская аўтатранспартная сістэма.

Асноўныя рэгіёны Беларусі
Беларусь падзелена на шэсць тэрытарыяльных адзінак – абласцей са сваім адміністрацыйным цэнтрам:

  1. Брэсцкая вобласць
  2. Гомельская вобласць
  3. Гродзенская вобласць
  4. Мінская вобласць
  5. Магілёўская вобласць
  6. Віцебская вобласць
    і тэрыторыю сталіцы Рэспублікі Беларусь – горад Мінск.

Карты Беларусі
карта Беларусі
Карты абласцей Беларусі:
1. карта Брэсцкай вобласці 
2.карта Гомельскай вобласці 
3.карта Гродзенскай вобласці 
4.карта Мінскай вобласці 
5.карта Магілёўскай вобласці 
6.карта Віцебскай вобласці 

Беларуская культура

Багатая культура Беларусі – самабытнасць, разнастайнасць стыляў, форм, напрамкаў

Гісторыя беларускай культуры
Самабытная мастацкая культура Беларусі фарміравалася на працягу стагоддзяў. Тут існавалі арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, ствараліся непаўторныя музычныя і літаратурныя творы.
Усе шэдэўры беларускага мастацтва, якія дайшлі да нашых дзён, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Яны захоўваюцца ў калекцыях буйнейшых беларускіх музеяў, зборах бібліятэк. Класіка беларускай музыкі і драматургіі дэманструецца на тэатральных падмостках і ў канцэртных залах.
Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. У краіне праходзіць мноства мастацкіх выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў.
Усё гэта цікава і даступна як для беларусаў, так і для гасцей краіны.


Выяўленчае мастацтва Беларусі

Выяўленчае мастацтва Беларусі разнастайнае па стылях, напрамках і жанрах. Самыя цікавыя творы беларускага жывапісу і скульптуры розных эпох можна ўбачыць у мастацкіх музеях краіны.
Буйнейшы збор твораў мастацтва мае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Ён актыўна прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Тут пастаянна праходзяць выставы твораў беларускіх мастакоў.
Цікавыя калекцыі твораў беларускага мастацтва ў Віцебскім абласным мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Полацкай мастацкай галерэі.
У многіх раённых цэнтрах Беларусі ёсць мастацкія галерэі, дзе можна ўбачыць работы мясцовых мастакоў.

Музыка ў Беларусі
Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі імкнецца захаваць нацыянальныя традыцыі, адначасова развіваючы папулярныя ў свеце стылі і напрамкі. Творы беларускіх кампазітараў, сусветнай класічнай і эстраднай музыкі гучаць у выкананні як прафесійных, так і самадзейных музыкантаў.
Вялікую папулярнасць заваявалі вядучыя музычныя калектывы краіны:

  • Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь
  • Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам М.Фінберга
  • Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр
  • Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы
  • Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.I.Цітовіча
  • вакальная група "Чысты голас"
  • вакальна-інструментальны ансамбль "Песняры"
  • вакальна-інструментальны ансамбль "Сябры"

У Беларусі штогод праходзяць фестывалі, якія прадстаўляюць розныя напрамкі і жанры музычнага мастацтва:

  • "Беларуская музычная восень"
  • "Мінская вясна"
  • "Залаты шлягер"
  • "Музы Нясвіжа"

Сімвалам фестывальнага руху Беларусі стаў Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", удзел у якім прымаюць папулярныя артысты з розных краін свету.

Тэатр у Беларусі
Беларускі прафесійны тэатр развіўся са старадаўніх народных абрадаў, творчасці вандроўных музыкантаў, прыдворных труп беларускіх магнатаў, дзейнасці аматарскіх калектываў рубяжа XIX–XX стст. Цяпер у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў, вялікая колькасць самадзейных народных калектываў, у т.л.:

  • лялечныя тэатры
  • драматычныя тэатры
  • музычныя тэатры

Самым праслаўленым тэатрам рэспублікі з’яўляецца Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Яго пастаноўкі заваявалі грандыёзны поспех як у айчыннага, так і ў замежнага гледача.
Тэатральнае жыццё Беларусі насычана яркімі фестывальнымі падзеямі. Пастаянную прапіску ў розных гарадах краіны атрымалі прэстыжныя тэатральныя фестывалі, на якія прыязджаюць калектывы з усяго свету. Сярод самых вядомых форумаў:

  • Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" (Брэст)
  • Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Панарама" (Мінск)
  • Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар" (Мінск)
  • Міжнародны маладзежны тэатральны форум "M@art. кантакт" (Магілёў)
  • Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЕАРТ" (Мінск)
  • Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек (Мінск)

У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіць праграма "Тэатральныя сустрэчы".

Кіно ў Беларусі
Мастацтва кіно ў Беларусі развіваецца з 30-х гадоў ХХ стагоддзя. У 1924 г. створана Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі - Белдзяржкіно. У 1928 г. у Ленінградзе адкрылася кінастудыя "Савецкая Беларусь", якая выпускала мастацкія, хранікальныя і навукова-папулярныя фільмы. У 1939-м студыя пераехала ў Мінск, а з 1946-га носіць назву "Беларусьфільм".
Першы беларускі мастацкі фільм "Лясная быль" ў 1926 г. стварыў рэжысёр Юрый Тарыч. У час Вялікай Айчыннай вайны беларускія дакументалісты аднымі з першых здымалі рэпартажы з фронту.
Тэма трагедыі народа стала адной з галоўных у пасляваеннай творчасці рэжысёраў Беларусі. Асаблівую нішу айчынныя кінематаграфісты занялі ў дзіцячым кіно. Сусветнае прызнанне заваявала беларускае дакументальнае кіно.

Сучаснае беларускае кіно працягвае традыцыі папярэдніх пакаленняў, шукае новыя шляхі развіцця. Айчынныя фільмы заваёўваюць ўзнагароды прэстыжных кінафестываляў свету. Драма "У тумане" (рэжысёр Сяргей Лазніца), знятая міжнароднай групай па аповесці Васіля Быкава, на 65-м Канскім кінафестывалі ў 2012 г. удастоена спецыяльнага прыза журы Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI.

У Беларусі ажыццяўляецца шмат сумесных праектаў з кінематаграфістамі краін свету. На "Беларусьфільме" здымалі фільмы Мікіта Міхалкоў, Пётр і Валерый Тадароўскія, Дзмітрый Астрахан, Аляксандр Сакураў.

У Беларусі праходзяць буйныя кінафестывалі:

  • Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" і конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" (Мінск)
  • Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў (Брэст)
  • Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" (Магілёў)
  • Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм "Magnificat" (Глыбокае)
  • Літаратура ў Беларусі

Літаратура стагоддзямі адыгрывала важную ролю ў культуры Беларусі.

Сярод найбольш вядомых пісьменнікаў і паэтаў Беларусі:

Трагічная гісторыя краіны паўплывала на тое, што тэма вайны доўгі час была вядучай у беларускай літаратуры.
Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь у Мінску мае самы вялікі збор друкаваных выданняў у краіне, а таксама права атрымання абавязковага экзэмпляра. Тут сабраны самы вялікі за межамі Расіі збор кніг на рускай мове. У 2006 годзе адкрыты новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, які мае унікальнае архітэктурнае рашэнне ў форме брыльянта, – прадмет нацыянальнай гордасці беларусаў.

Штогод у Беларусі праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Канцэпцыя свята прадугледжвае адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі, а таксама развіццё беларускай літаратуры і культуры на сучасным этапе.

У Беларусі 2017 год аб'яўлены Годам навукі.

ВЯДОМЫЯ БЕЛАРУСЫ

Многія вядомыя людзі – ад святых сярэдневякоўя да лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і алімпійскіх чэмпіёнаў сучаснасці – ураджэнцы Беларусі

Вядомыя гістарычныя асобы Беларусі

Барбара Радзівіл
Вялікая княгіня, каралева Польшчы.

Леў Сапега 
Дзяржаўны і ваенны дзеяч, гетман Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дыпламат, мысліцель. Адзін з галоўных стваральнікаў Статута ВКЛ (1588 г.) – выдатнага помніка прававой і палітычнай думкі, па сутнасці першай канстытуцыі ў Еўропе.

Тадэвуш Касцюшка 
Тадэвуш Касцюшка, які нарадзіўся ў Беларусі ў 1746 годзе, з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі, Амерыкі і Польшчы. Быў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у вайне за незалежнасць ЗША.

Вядомыя вучоныя з Беларусі

Ігнат Дамейка
Нарадзіўся ў Беларусі ў 1802 годзе. Быў знакамітым геолагам, большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе стаў нацыянальным героем. За свае дасягненні афіцыйна прызнаны ЮНЕСКА.

Іван (Ян) Чэрскі 
Знакаміты вучоны-географ, геолаг, даследчык Сібіры, імем якога названы шэраг геаграфічных аб'ектаў. Нарадзіўся ў маёнтку Свольна Віцебскай губерні ў 1845 годзе. 
  
Мікалай Судзілоўскі (псеўданім Нікалас Русель) 
Этнограф, географ, хімік, біёлаг, урач-генетык, рэвалюцыянер-народнік, першы прэзідэнт сената Гавайскіх астравоў. Нарадзіўся ў 1850 г. у Магілёве ў збяднелай дваранскай сям'і. З 1892 года жыў на Гаваях, дзе адстойваў правы карэнных жыхароў.

Аляксандр Чыжэўскі 
Нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці ў 1897 годзе. Прызнаны вучоны, які вывучаў біялагічнае ўздзеянне Сонца і Сусвету, у тым ліку суадносіны сонечнай актыўнасці з перыядамі войнаў у гісторыі чалавецтва.

Соф'я Кавалеўская 
Першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі паходзіць са шляхецкага беларускага роду. Дзяцінства правяла ў маёнтку Палібіна Віцебскай губерні, а ў 18 гадоў заключыла фіктыўны шлюб, каб паехаць за мяжу і займацца навукай. Працы Кавалеўскай прысвечаны матэматычнаму аналізу, механіцы, астраноміі.

Павел Сухі 
Авіяканструктар, вынаходнік, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, аўтар паўсотні арыгінальных канструкцый самалётаў, больш за трыццаць з якіх былі пабудаваны і выпрабаваны. Нарадзіўся ў 1895 г. у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці.

Жарэс Алфёраў
Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Алфёраў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе.

Вядомыя касманаўты з Беларусі

Пётр Клімук 
Пётр Клімук, першы беларускі касманаўт, вучоны ў галіне тэхнічных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Камароўка Брэсцкага р-на ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў і арбітальных комплексаў, правёў у космасе 78,76 сутак.

Уладзімір Кавалёнак 
Уладзімір Кавалёнак, беларускі касманаўт, вучоны ў галіне ваенных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Белае Мінскай вобласці ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў космас у якасці камандзіра экіпажа, правёў у космасе 216,38 сутак, у тым ліку ў адкрытым космасе 2,3 гадзіны.

Вядомыя ў мастацтве беларусы

Марк Шагал
Нарадзіўся ў 1887 годзе ў Віцебску. Самы знакаміты ўраджэнец Беларусі, вядомы ва ўсім свеце як класік авангардызму ў выяўленчым мастацтве.

Напалеон Орда 
Мастак, кампазітар, ураджэнец в. Варацэвічы Пінскага павета. Стварыў больш за тысячу эскізаў збудаванняў Беларусі, Літвы, Польшчы, Францыі, якія з'яўляюцца каштоўнай крыніцай для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў Еўропы. У 2007 годзе 200-годдзе з дня нараджэння Н. Орды было ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Іван Хруцкі 
Нарадзіўся ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні. Выдатны мастак, які распрацаваў уласны тып нацюрморта ў спалучэнні з партрэтам. 200-годдзе з дня нараджэння Івана Хруцкага ў 2010 годзе было ў календары памятных дат ЮНЕСКА.

Луіс Барт Маер 
Нарадзіўся ў Мінску ў 1885 годзе. Кінематаграфіст Луіс Барт Маер найбольш вядомы як адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі "Метра-Голдвін-Маер".

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Пісьменнік, заснавальнік новай беларускай літаратуры і прафесійнай драматургіі, стваральнік першага беларускага тэатральнага калектыву, акцёр. У 2008 годзе 200-годдзе з дня нараджэння В. Дуніна-Марцінкевіча было ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Васіль Быкаў
Быкаў Васіль Уладзіміравіч, беларускі празаік, драматург, публіцыст. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Бычкі Віцебскай вобласці. Народны пісьменнік Беларусі (1980). У 1990-1993 гг. – прэзідэнт аб’яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Вядомыя палітыкі з Беларусі

Хаім Вейцман
Нарадзіўся ў Беларусі ў вёсцы Моталь (зараз Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць) у 1874 годзе. Хаім Вейцман быў выдатным хімікам, чытаў лекцыі ў Швейцарыі і Вялікабрытаніі. Як актыўны сіяніст ён быў выбраны першым прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (1949) і заставаўся на гэтай пасадзе да самай смерці (1952).

Андрэй Грамыка 
Дыпламат, у 1957-1985 гг. міністр замежных спраў СССР. Узначальваў савецкую дэлегацыю на канферэнцыі па стварэнню ААН, распрацоўваў Статут арганізацыі. Нарадзіўся ў 1909 г. у в. Старыя Грамыкі (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці).

Знакамітыя асветнікі Беларусі

Францыск Скарына
Нарадзіўся ў Полацку ў 1486 годзе. Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Пераклаў на беларускую мову і выдаў 23 кнігі Бібліі, першую – у 1517 годзе.

Святая Ефрасіння 
Полацкая князёўна. Нарадзілася ў XII стагоддзі. Стала манашкай у 12 гадоў і правяла жыццё, дапамагаючы бедным і будуючы цэрквы і манастыры па ўсёй Беларусі. Памерла ў час паломніцтва ў Іерусалім, яе мошчы вернуты ў Беларусь у 1910 годзе. Прылічана да ліку святых, ушаноўваецца як нябесная заступніца зямлі беларускай.

Чэмпіёны з Беларусі

Аляксандр Мядзведзь
Беларускі спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), свету (1962, 1963, 1966, 1967, 1969–71). Прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя.

Вольга Корбут 
Легендарная гімнастка заваявала 4 залатыя алімпійскія медалі, тры з іх – на алімпійскіх гульнях у Мюнхене (1972). У 1972 годзе прызнана лепшай спартсменкай свету.

Віталь Шчэрба
Беларускі спартсмен (спартыўная гімнастыка). Чэмпіён XXV Алімпійскіх гульняў (1992, Іспанія). Бронзавы прызёр XXVI Алімпійскіх гульняў (1996, ЗША). 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША). Чэмпіён Універсіяд (1993, 1995). Лепшы спартсмен свету за 10-годдзе (1991–2000).

Ігар Макараў 
Макараў заваяваў залаты медаль у дзюдо на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.

Юлія Несцярэнка 
Несцярэнка заваявала залаты медаль у бегу на 100 метраў на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.

Максім Мірны 
Максім Мірны – самы вядомы тэнісіст Беларусі, які заваяваў серыю міжнародных узнагарод у парным разрадзе і вывеў беларускую зборную на лепшае месца за ўсю яе гісторыю на Кубку Дэвіса.

Вікторыя Азаранка
Знакамітая беларуская тэнісістка, пераможца найбуйнейшых сусветных турніраў, алімпійская чэмпіёнка. У студзені 2012 года Вікторыя Азаранка ўпершыню ў кар'еры ўзначаліла рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На Алімпіядзе-2012 у Лондане заваявала золата ў міксце (у пары з Максімам Мірным) і бронзу ў адзіночным разрадзе.

Дар'я Домрачава
Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы (2010) у індывідуальнай гонцы на 15 км. Па версіі прэміі Biathlon Award беларуская спартсменка названа лепшай біятланісткай 2010 года.

Аляксей Грышын 
Фрыстайліст, які прынёс Беларусі першае ў гісторыі незалежнай дзяржавы золата зімовых Алімпійскіх гульняў (Ванкувер-2010), бронзавы прызёр Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці (2002).

Сяргей Мартынаў 
"Кароль малакалібернай вінтоўкі", алімпійскі чэмпіён Лондана-2012, двухразовы бронзавы прызёр Алімпіяд у Сіднэі і Афінах, рэкардсмен свету: 600 ачкоў з 600 магчымых у стральбе лежачы з малакалібернай вінтоўкі.

Руслан Салей
Адзін з лепшых гульцоў у гісторыі беларускага хакея, капітан нацыянальнай зборнай. Руслан Салей першым з айчынных майстроў клюшкі дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі. 

Ці ведаеце вы, што...

Самыя яркія старонкі беларускай гісторыі, унікальная прырода, самабытная культура і асобы, якія змянілі свет...

Нацыянальны парк «Прыпяцкі» – адзінае месца на планеце, дзе існуюць першабытныя пойменныя дубровы

У нацыянальным парку практычна ў некранутым стане захаваліся унікальныя пойменныя ландшафты Беларускага Палесся – з дзюнамі, катлавінамі і лагчынамі, дзе сярод дуброў і ясеннікаў размешчана больш як 30 азёр. На Палессі таксама захаваліся самыя вялікія прыродныя балоты ў Еўропе. Найбольш буйныя з іх – Званец (150 кв. км) і Дзікае (80 кв. км).

Белавежская пушча – самы буйны старажытны лес Еўропы

Звесткі пра пушчу сустракаюцца яшчэ ў антычнага гісторыка Герадота (5 ст. да н.э.) і ў Іпацьеўскім летапісе (983 г.). У канцы XIV ст. вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Ягайла аб’явіў пушчу запаведнай і ўстанавіў забарону на паляванне. Старажытны лес ахоўваецца ўжо 600 гадоў. У Белавежскай пушчы налічваецца каля 2 тысяч дрэў-веліканаў. Некаторыя з іх з’явіліся яшчэ да адкрыцця Калумбам Амерыкі! Белавежская пушча ўключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Нясвіж належаў роду Радзівілаў - аднаму з самых багатых у Еўропе

Многім у сваім непаўторным абліччы Нясвіж абавязаны творам італьянскага архітэктара Яна Джавані Марыі Бернардоні. Па яго праектах у XVI стагоддзі ўзведзены замак і фарны касцёл Божага Цела – першае на тэрыторыі Рэчы Паспалітай збудаванне ў стылі барока. У храме знаходзіцца адзін з буйнейшых у Еўропе некропаль княжацкага роду, які налічвае 102 саркафагі членаў сям’і Радзівілаў. Нясвіжскі замак уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У Беларусі існуе самая вялікая ў свеце папуляцыя зуброў

Гэтыя жывёлы самыя цяжкія і вялікія наземныя млекакормячыя на еўрапейскім кантыненце, апошнія еўрапейскія прадстаўнікі дзікіх быкоў. Мікола Гусоўскі напісаў сваю славутую «Песню пра зубра» па заказе Папы Рымскага Льва X, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў. Найбольшая колькасць зуброў жыве ў Белавежскай пушчы

Адзін з трох усходнеславянскіх сафійскіх сабораў знаходзіцца ў Беларусі

Гэты манументальны помнік архітэктуры пабудаваны ў Полацку паміж 1044–1066 гадамі пры князі Усяславе Брачыславічу, празваным Чарадзеем, як сімвал роўнасці з самымі ўплывовымі старажытнарускімі гарадамі – Кіевам і Ноўгарадам, дзе таксама былі пабудаваны саборы ў гонар святой Сафіі.

Беларусы адны з першых у Еўропе, яшчэ ў 1517 годзе, мелі сваю друкаваную Біблію

Беларускі першадрукар Францыск Скарына сваю выдавецкую дзейнасць пачаў у Празе, дзе надрукаваў 23 ілюстраваныя кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. У пачатку 1520-х гадоў пераехаў у Вільню і заснаваў друкарню. У ёй надрукаваны «Малая падарожная кніжка» і Апостал. Рэнесансныя выданні Скарыны адметныя высокай якасцю друку, своеасаблівымі ілюстрацыямі і гравюрамі, шрыфтам і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства.

Чатырнаццаць нобелеўскіх лаўрэатаў маюць беларускія карані

Гэта самая прэстыжная міжнародная прэмія існуе ўжо больш як 100 гадоў і за гэты час была ўручана прадстаўнікам самых розных краін. Імёны многіх нобелеўскіх лаўрэатаў з беларускімі каранямі вядомы цяпер усяму свету. Гэта, у прыватнасці, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, хіміі і фізіцы – Сайман Кузнец, Аарон Клуг, Жарэс Алфёраў; лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру – Іцхак Рабін, Менахем Бегін і Шымон Перэс.

Ураджэнец Беларусі Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША

Тадэвуш Касцюшка за сваю бліскучую кар’еру быў саратнікам бацькі-заснавальніка ЗША Вашынгтона і нацыянальнага героя Францыі Лафаета, атрымліваў прапановы аб супрацоўніцтве ад французскага імператара Напалеона І і рускага цара Аляксандра І, але адмовіў ім. Касцюшка стаў актыўным удзельнікам многіх значных гістарычных падзей: у 1776–83 гадах добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША; у 1784 годзе ўзначаліў нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Рэчы Паспалітай.

Партызанскі рух у Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны быў самы магутны ў Еўропе

Ужо ў 1943 годзе партызаны кантралявалі каля 60 працэнтаў тэрыторыі рэспублікі. На тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны дзейнічаў самы буйны ў Еўропе яўрэйскі партызанскі атрад, арганізаваны братамі Бельскімі. Пра рэальныя падзеі, звязаныя з дзейнасцю атрада, расказвае фільм амерыканскага рэжысёра Эдварда Цвіка паводле сцэнарыя Клея Формана «Супраціўленне», прэм’ера якога адбылася ў студзені 2009 года.

Рэліквію беларусаў – слуцкія паясы – ткалі толькі мужчыны

І насілі паясы толькі мужчыны, і нават абвязвацца імі ўладальнікам дапамагалі толькі мужчыны. Хадзіла павер’е, што калі жаночая рука дакранецца да каштоўных ніцей, тканіна пацьмянее і пояс можна будзе адразу выкінуць. Славутыя паясы выпускала не толькі слуцкая мануфактура. У Францыі, у Ліёне, паясы рабілі на ўзор слуцкіх і нават ставілі «слуцкую» метку.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.